Вы здесь

Дзень Памяці Максіма Багдановіча

10.06.2019

Дзень Памяці Максіма Багдановіча

ў крыпце Храма-помніка Усіх Святых

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

I сказаць:

«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

I нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?»

          Гэты верш славутага беларускага паэта гучаў у Дзень памяці (мінулі 102 гады з дня смерці Максіма Багдановіча) у крыпце Храма-помніка падчас экскурсіі. Напрыканцы якой Міхаіл Бараноўскі, кіраўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, выказаў думку, што добра было б, каб менавіта гэты верш паэта гучаў тут, у месцы, дзе столькі разоў узгадваецца аб чалавечай трагедыі. Але многія валанцёры і экскурсаводы так і робяць, распавядаючы пра таленавітага мастака слова, які натхняе нас любіць Радзіму, ганарыцца ёю. Спадар Міхал падкрэсліў, што сёння шмат людзей працягваюць казаць пра творчасць класіка, пісаць аб ім. Для прыхільнікаў таленту Максіма Багдановіча ён – “жывы” (як гэта па-хрысціянску), жывы ў сваіх творах, у сэрцах тых, хто клапоціцца, каб яго імя гучала ў мерапрыемствах, у розных месцах. Дзякуючу пісьменнікам Александровічу, Дубоўку, Вольнаму, мы і цяпер наведваем магілу ў Ялце. Гэта падкрэслівае, што менавіта разам мы можам рабіць дзеля сумеснай будучыні.

        Слова ўзяў былы міністр культуры Анатоль Бутэвіч, які таксама пагадзіўся, што зямля з магілы класіка ў такім месцы невыпадкова. Максім Багдановіч жыў у той час, калі верыць не забаранялі і, вядома, гэта паўплывала на яго творы, у якіх  ён звяртаецца да краіны з вялікай літары, як і ў кнігах вернікаў да Бога і Хрыста звяртаюцца з вялікай літары.  

         Анатоль Іванавіч падкрэсліў, якім высокаадукаваным чалавекам быў Максім Багдановіч. У многіх яго творах сустракаюцца эпіграфы, узятыя ад  замежных аўтараў, а гэта значыць, што ён ведаў, аб чым напісана, і не менш цікава тое, што гэта было яму блізка.

        У Храме-помніку мы бачым яднанне веры, культуры, традыцый, мастацтва. І тое, што яшчэ пры жыцці паэта быў выдадзены ягоны зборнік вершаў “Вянок” – гэта сапраўдны цуд, промысел Божы! Спрычынілася да выдання кнігі мецэнтка Магдалена Радзівіл, якая фінансава падтрымлівала беларускую культуру. Бачым яшчэ раз, якімі былі людзі таго часу – падтрымлівалі адзін аднаго хто словам, а хто грашамі – дзеля будучыні!

Кацярына Матусевіч