16.01.2025

16 студзеня 2025 года на базе Мінскай духоўнай акадэміі адбылося пасяджэнне рабочай групы па развіццю рэлігійнага турызму, у якім прыняў удзел дырэктар Дзяржаўнай установы "Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння" - Аляксандр Госцеў. Перад пачаткам пасяджэння члены рабочай групы наведалі найбольш важныя рэлігійныя аб'екты цэнтра беларускай сталіцы. У іх ліку - праваслаўны Свята-Духаў кафедральны сабор, рымска-каталіцкі архікафедральны сабор Прачыстай Дзевы Марыі, прадстаўніцтва Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі ў г. Мінску, духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускай Праваслаўнай Царквы і Мінская духоўная акадэмія. Члены рабочай групы пазнаёміліся з экспазіцыяй Царкоўна-гістарычнага музея пры Мінскай духоўнай акадэміі, прысвечанай Ганароваму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Уладыку Філарэту. Потым у акадэмічным кабінеце славяназнаўства пачалося пленарнае пасяджэнне. Асноўныя пытанні, якія стаялі перад удзельнікамі пасяджэння, сфармуляваў намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь С.С.Герасіменя. Адказы на іх, прапановы, новыя пытанні прагучалі ў двух асноўных дакладах - протаіерэя Аляксандра Шырытона і ксяндза Юрыя Санько. Айцец Аляксандр як старшыня Сінадальнага паломніцкага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы спыніўся на досведзе працы аддзела і турыстычным патэнцыяле аб'ектаў Беларускага Экзархата. Ксёндз Юрый, кіраўнік турыстычнага і паломніцкага напрамкаў Мінска-Магілёўскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі, расказаў аб магчымасцях Рымска-Каталіцкай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь у сферы рэлігійнага турызму. Выкладчык кафедры багаслоўя Інстытута тэалогіі БДУ А.А.Гаранскі зазначыў, што ў рамках тэмы, якая абмяркоўваецца, неабходна звярнуць увагу на метадычную падрыхтоўку па арганізацыі экскурсій у гістарычным цэнтры нашай сталіцы. Па выніках пасяджэння было адзначана, што метадычная і каардынацыйная работа сярод прадстаўнікоў дзяржаўных і прыватных турыстычных арганізацый і рэлігійных структур, якія прымаюць пілігрымаў і турыстаў, патрабуе развіцця і ўдасканалення. Удзельнікі пленарнага пасяджэння падтрымалі дадзеную прапанову і выказаліся за прадаўжэнне такіх сустрэч як у Мінскай духоўнай акадэміі, так і на іншых пляцоўках г. Мінска і рэгіёнаў.
Па матэрыялах: