03.09.2024

3 верасня ў Мемарыяльным комплексе «Трасцянец» адбылося мерапрыемства, прымеркаванае да 80-годдзя з дня пахавання астанкаў спаленых вязняў лагера смерці і правядзення першага жалобнага мітынгу. Мерапрыемства пачалося з правядзення працоўнай акцыі па добраўпарадкаванні тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Урачыстая частка мерапрыемства прайшла ў выглядзе мітынгу, на якім прысутнічалі прадстаўнікі асноўных рэлігійных канфесій у Рэспубліцы Беларусь, Генеральнай Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, МУС, МНС, дыпламатычных місій, валанцёры Беларускага Рэспубліканскага Саюза Моладзі, Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь.
Прысутныя зацяплілі лампадкі і ўсклалі кветкі да скульптуры Брамы Памяці, што стала сведчаннем нязгаснай усенароднай памяці аб ахвярах генацыду. Мітынг адкрыў пракурор горада Мінска Лаўрухін Алег Уладзіміравіч у выступленні якога прагучала думка аб недапушчэнні паўтарэння актаў генацыду ў сучасным свеце.
Ад імя Беларускага культурнага цэнтра духоўнага Адраджэння перад прысутнымі выступіў дырэктар цэнтра Аляксандр Віктаравіч Госцеў, які дапоўніў сваю прамову чытаннем аўтарскага верша “Брама Памяці”, прысвечанага памяці вязняў лагера смерці Трасцянец. З боку духавенства да прысутных звярнуўся кіраўнік Нацыянальнага мемарыяльнага комплексу «Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах якія паслужылі ў выратаванні Айчыны нашай» протаіерэй Фёдар Поўны, які, нагадаў аб важнай уласцівасці памяці ўваскрашаць у свядомасці нашчадкаў тых, чые лёсы сталі ахвярамі.
Завяршэннем памятных прамоў стала сумесная малітва, вымаўленая прадстаўнікамі асноўных рэлігійных канфесій: біскупам Нясвіжскім, вікарыем Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Аўксенціем, мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Іосіфам Станеўскім, старшынёй Мусульманскага аб'яднання ў Беларусі рэлігійнага аб'яднання абшчын прагрэсіўнага юдаізму Рыгорам Абрамовічам. У працяг мерапрыемства былі паказаны фрагменты гістарычнай здымкі 1944 года, з выступленнем Мікалая Іванавіча Валахонавіча, былога вязня лагера смерці Трасцянец, што стала злучальнай ніткай паміж мінулым і сучаснасцю. Кранальным завяршэннем мітынгу стала выкананне песні «Малітва» (аўтар вершаў Янка Купала, музыка Алега Молчана) лаўрэатамі міжнародных конкурсаў Ірынай Відавай-Молчан і Андрэем Усанавым, якія творча выказалі шчырую надзею гасцей мерапрыемства на мірную будучыню.