21.12.2023

Мемарыяльная дошка выбітнаму партыйнаму і дзяржаўнаму дзеячу БССР Івану Паромчыку ўрачыста адкрыта 21 снежня на пр. Незалежнасці, 28. Удзел у цырымоніі прынялі сваякі І. Паромчыка, прадстаўнікі Мінгарвыканкама і грамадскіх арганізацый, моладзь. Як адзначыла намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Галіна Чэрнік, Іван Паромчык шмат зрабіў для аднаўлення Мінска, разбуранага вайной. Дзякуючы самаадданай працы гараджан сталіцу БССР удалося аднавіць. - Іван Паўлавіч - ветэран трох войнаў - Першай сусветнай, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай, - распавёў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталь Брэль. - У 1942 годзе яго закінулі на беларускую зямлю ў тыл ворага. Ён ваяваў на Міншчыне. Дырэктар Дзяржаўнай установы "Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння" Аляксандр Госцеў адзначыў, што Іван Паромчык хадайнічаў аб прысваенні г.Мінску звання горад-герой, удзельнічаў у аднаўленні нашай сталіцы пасля Вялікай Айчыннай вайны, быў сакратаром Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б. І толькі ў 1974 годзе Мінску было прысуджана званне горада-героя, калі Івана Паромчыка ўжо не было жывым.
Даведачна:
І. Паромчык нарадзіўся ў 1896 годзе ў вёсцы Навасёлкі пад Пухавічамі. У 1918 годзе ўліўся ў рады Чырвонай арміі, з 1925 года - на савецкай і партыйнай працы. Пасля вайны ў жніўні 1945 года стаў старшынёй Мінскага гарвыканкама. Дзякуючы яго намаганням пачалася актыўная расчыстка горада, будаўніцтва новага жылля, аднаўленне інфраструктуры. Так, 28 кастрычніка 1945 года разам з гараджанамі Іван Паўлавіч высадзіў першыя дрэвы на пустцы каля Камсамольскага возера, пазначыўшы мяжу будучага парка Перамогі. Вясной 1946 г. стаў намеснікам старшыні Савета народных камісараў БССР, неўзабаве пераўтворанага ў Савет Міністраў. Памёр 7 чэрвеня 1960 году.
Па матэрыялах
Агенцтва «Мінск-Навіны»